понедельник, 8 марта 2021 г.

Раіса Баравікова: "Мы з Някляевым танцавалі танга ў метро"

«Наша Ніна»: Вы нарадзіліся на Палессі. Што ў вас ад палешукоў захавалася?

Раіса Баравікова: Нават не ведаю… Думаю, што ўсе стагоддзі гісторыі штосьці ўкладалі ў мае гены, род. Я нарадзілася ў Бярозаўскім раёне і займалася гісторыяй свайго краю. У нас рака Ясельда працякае, а ў яе ёсць выток — Крэчат. Я з дзяцінства задумвалася, адкуль жа такая назва. Дык вось Крэчат — гэта стэпавая птушка роду сакаліных. Калі вывучала гэтае пытанне, я чытала крыніцы, карысталася логікай. Лічу, што ў глыбокай старажытнасці менавіта на берагах Ясельды сялілася сармацкае племя яцыгаў…

Быў адзін містычны выпадак. Недзе ў 2011 годзе мы з дзіцячай пісьменніцай Аленай Масла ездзілі ў Вільню на міжнародную кніжную выстаўку. Вось-вось мусіла быць адкрыццё. Я адышла, і раптам каля гардэробу нейкі пажылы мужчына звярнуўся да мяне: «Вы, напэўна, з беларускага Палесся?» Мяне гэта так уразіла. У Вільні, незнаёмы чалавек… Кажу: а як вы зразумелі? «А я гэта адчуў па вашай энергетыцы. Толькі ад беларусаў, народжаных там, дзе шмат вады, асаблівая энергетыка сыходзіць». Але тут мяне нехта гукнуў, пачалося адкрыццё, афіцыёз, і калі ўжо праз гадзіну ўсё скончылася, я пабегла да таго гардэробу, але чалавека там не было.

«НН»: У вашай сям’і жа ёсць рэліквіі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне?

РБ: Мне ў спадчыну перайшло вялікае люстэрка. Дзед купіў яго недзе на кірмашы ў Бярозе ў 1930-я гады. А потым падчас вайны нашу вёску палілі немцы. З суседняй вёскі вечарам нехта папярэдзіў, таму людзі па хутарах разбегліся, а засталіся толькі старыя, у тым ліку і мая прабабуля. Самае каштоўнае закапалі, дома пакінулі толькі рэчы першай неабходнасці. Калі наша хата загарэлася, прабабуля кінулася ў яе і пачала выносіць тое, што яшчэ змагла. Гэтае люстра закінула ў гарод між разорамі. І мама потым расказвала: вяртаемся з хутароў, дзе хаваліся, а на месцы хаты толькі печ стаіць абпаленая і каля яе бабуля з гэтым вялікім люстрам у руках, і жар ад спаленага бярвення адбіваецца ў ім.

А яшчэ ёсць старажытны абраз, зацалаваны маімі сваякамі па краях, які прайшоў пакаленняў шэсць нашага роду. Казалі, што яго нейкі манах даў. У Бярозе ж стаяў кляштар, пры ім быў касцёл. Потым пасля паўстання 1830-1831 касцёл закрылі, а манахаў з келляў перавялі ў вёску Сігневічы, што недалёка. 

«НН»: Як вас занесла ў журналісты, прычым у газету іншага раёна? 

РБ: Я адразу пасля школы не паступіла на філфак — не хапіла аднаго бала. І калі не прайшла, вырашыла на тыдзень паехаць да сваякоў у Быхаў. А быў у мяне сшытак з вучнёўскімі вершамі. Я паказала яго ў рэдакцыі быхаўскай раённай газеты. Тады галоўным рэдактарам быў сімпатычны чалавек, вопытны журналіст Георгій Барысаў. Ён ветліва мяне сустрэў, кажа: «А я тут конкурс праводжу, у нас ёсць вольная адзінка карэспандэнта. Хлопцы-прэтэндэнты заўтра едуць у Грудзінаўскую школу-інтэрнат пісаць рэпартаж, калі хочаце, можаце далучыцца».

Прыехалі ў тую Грудзінаўку, хлопцы сталі дырэктара расшукваць, а я звярнула ўвагу на дзіцячыя фотаздымкі, якімі былі абвешаны сцены ў калідоры. І я рэпартаж пачала з гэтага. Відаць, лірычны ўступ рэдактара зачапіў. Але ён хацеў узяць хлопца. Бо карэспандэнт — гэта камандзіроўкі, артыкулы пра заатэхнікаў, аграномаў. Таму яшчэ адзін конкурс нам наладзіў — рэпартаж з мясцовага элеватара. Хлопцы зноў пайшлі дамаўляцца з кіраўніцтвам, а я падышла да кіроўцаў, паразмаўляла з імі. Адным словам, мяне ўзялі на працу.

Я год там працавала. Аднойчы вярталася з камандзіроўкі і спазнілася на рэйсавы аўтобус. Гэта быў пачатак сакавіка, снегу шмат, мароз. Ехала на папутцы да павароту на Быхаў. Ужо змяркаецца, да горада кіламетраў сем праз лес пешшу. І вось я іду — і раптам наперадзе нешта вялікае, цёмнае. Узрадавалася, думала, што нехта вязе сена на калёсах і можа мяне падвезці. А тут гляджу — лось агромністы. Я спалохалася страшэнна, кубарам з адхону паляцела, з паўгадзіны ляжала ў снезе глыбокім, пакуль нарэшце лось не пацокаў праз дарогу. Ужо калі пачула, што сучча трашчыць у іншым баку, выкараскалася з адхону і бегла — гэта быў сапраўдны крос. Такая вось практыка ў 18-гадовай дзяўчыны.

(Цалкам чытаць ТУТ).

 

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.