понедельник, 8 марта 2021 г.

Вершы Раісы Баравіковай з нагоды...

Раіса Баравікова (фота з сайта budzma.by)

Павер, каханы, я – ў даўгу!
Калі б яшчэ мацьней любіла,
мяне б ня так самота біла,
што нават плакаць не магу.

Ня маю права на дакор,
сваім каханьнем ахвярую,
i нават восені дарую
сьляпое зьзяньне стылых зор.
 
Бо не спазнаць ніколі ім
кароткага каханьня ўпотай,
цана якому – адзінота,
наканаваная дваім.

***

А на стале маім ляўкоі,
і лёгка мне ўдыхаць азон.
Дарма казаў ты, што ніколі
ня вернешся пад мой балькон.
У міг адзін раскрыю дзьверы,
зірну на мокры парапет,
туман разрэджаны над скверам
нібы дымок ад цыгарэт...
Як памяць сэрца заказыча!
Кране тугой вільготнасьць дрэў...

Замест цябе з прысад пакліча
самоты квят – ільвіны зеў.

***

Я – дзяўчынка на шары
Я – дзяўчынка на шары,
Што плыве у блакіце!
I палаюць Стажары
Нада мною ў зеніце,
I нікому ня ў цяжкасьць,
Я – нібыта пушынка,
Што трапляе ў бязважкасьць,
Я – на шары дзяўчынка!
Шар вялікі, бязьмежны
У зьдзіўленьні я кратаю,
Быццам Белыя Вежы,
Быццам чорныя кратэры,
Горы зьзяюць сьнягамі
I дымяцца абшары
У мяне пад нагамі.
Я – дзяўчынка на шары!

Заручуся зь бясстрашшам
У густой сіняве,
Страціць як раўнаважжа,
Калі шар не дае?!
Iм адзіным сагрэта,
Не ўпаду, i ня дзіва!
Пада мною планета,
Што мяне нарадзіла.

Я ж – дзяўчынка на шары!

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.