Марнасць жыцця зацягвае, і я не заўсёды заўважаю прыгожае. Часам яго не даюць заўважыць. Перашкаджаюць устаноўкі. Неяк хацеў звярнуцца да творчасці паэткі Раісы Баравіковай, але мне, з веданнем справы, адзін з яе калег сказаў прыкладна наступнае: ды што яна там напісала?.. Мой парыў так і не рэалізаваўся.
Не памятаю ўжо, з якой нагоды не так даўно я набраў у пашукавіку «Баравікова вершы». Віктар Шніп неяк сказаў прыкладна наступнае: калі б Інтэрнэту не было, яго варта было прыдумаць. Цяжка ўявіць вынаходніцтва за ўсё тысячагоддзя, параўнальнае з Сеткай.
Вядома, я разгубіўся. Прыйшла на розум самая простая методыка – чытаць з пачатку. Па алфавіце гэта было «А за вёскай дымяцца снягі!». Адразу ўспомніў мноства аднатыпных вершаў пра вёску Міхася Пазнякова, і з некаторай прадузятасцю прыступіў да чытання. Менавіта тут нешта здрыганулася ў сэрцы. Я стаў нейкім сентыментальным. Дзіўна.
Не ведаю, калі напісаны верш. Ён з першай кнігі паэткі «Рамонкавы бераг» (1974). Аўтару зборніка тады было дваццаць сем гадоў.
А за вёскай дымяцца снягі!
Завіруха бусліхай клёкае
I вядзе прадчуванне тугі
У дзяцінства мае далёкае!
Заміраю! I зноў, як раней,
Уяўляю хаціну нізкую,
Вельмі смачны з капустай алей,
Ўся сям’я – над адною міскаю.
А за вёскай дымяцца снягі,
На лістку каляндарным – люты
Без радні, з прадчуваннем тугі,
Я жыву, нібы восеньскі люцік!
Як шмат сказана ў кароткім вершы, простым на першы погляд. Але перад вачыма цэлая пасляваенная эпоха. Яна выказана ў трох радках:
…Уяўляю хаціну нізкую,
Вельмі смачны з капустай алей,
Ўся сям’я – над адною міскаю.
Маладому пакаленню гэта не зразумець, не адчуць.
Другі верш «А на душы і светла, і шчымліва» гэтак жа ускалыхнуў забытыя эмоцыі. Стала зразумела: перада мною творы таленавітай паэткі, што з’яўляецца рэдкасцю для жанчын. Пацвярджэннем таму ўсяго два аўтары, якіх найбольш часта ўспамінаюць у расійскай паэзіі за ўсю яе гісторыю – Марына Цвятаева і Ганна Ахматава.
А на душы і светла, і шчымліва.
Разгубленасць спакоем наталю.
І ціхае скажу табе: «Шчасліва!»
За тое, што цябе не палюблю.
За свой спакой, за ветлівасць пагляду,
за той агонь, што сэрца не апёк,
i буду ўдзячна, можа, нават рада
твой профіль тонкі прасачыць здалёк.
Паглядзіце, наколькі рэльефна апісана падзея. Ужо растанне. З гэтай нагоды сказана некалькі слоў, але як выразна адчуваюцца адносіны, каханне, якое не адбылося. Тут прыкметны ўвесь такт гераіні, яе вытрымка, калі хочаце – прыстойнасць. Гэты верш, як і многія іншыя, хутчэй за ўсё, аўтабіяграфічны.
Варта адзначыць: хоць у гераіні і шчыміць на душы, але яна цалкам валодае сабой і нават, як сапраўдная жанчына, некалькі какетнічае. Гэта відаць у апошніх двух радках верша.
Захапіўшыся, я працягнуў чытанне. Зразумеў, што трэба будзе шмат прачытаць, паколькі адчуванне таго, што падобнага ў творчасці нашых паэтак я не сустракаў, не пакідала мяне. Гарманічнасць паэзіі Р.Баравіковай, яе дасканаласць не пакінулі мяне абыякавым. Раіса Андрэеўна раптам пранікла сваёю лірыкай ў маё пакуль яшчэ адкрытае для людзей сэрца.
Хочацца многае расказаць пра вершы, з якімі я азнаёміўся. Але гэта зойме нямала часу. Спынюся коратка толькі на некаторых.
«Той ганак». Можна сказаць – гэта вытокі паэзіі Баравіковай. Хутчэй за ўсё, гаворка пра родны дом у в.Пешкі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе нарадзілася будучая паэтка.
Адтуль у сукенцы баціставай
па модзе вясковых майстрых
пайшла я дарогай імглістаю,
стрымаўшы расстання уздых.
…
Мне мара хусцінкай махала,
а песні нашэптваў аер,
я шчасьце сваё майстравала
алоўкам на стосе папер.
Мала хто ведае, зараз, што такое «баціставая хустка». Вельмі шкада.
Дастаткова пранікнёныя і трывожныя два вершы пра зіму: «Зімовы эцюд» і «Не давайце мне думаць пра лета». З першага:
Зіма мінаецца, чаму ж
на сэрцы боязна-трывожна,
па белым снезе асцярожна
бяжыш ад холаду і сцюж?
…
…Зірні ў акно і схамяніся,
капрызна просіць: «Пасміхніся!»
Там сына тоненькі слядок.
У другім больш вызначана:
Не давайце мне думаць пра лета,
затрымайце гадзінніка ход!
Што ж гэта такое? Не хочацца сыходзіць з зімы... На снезе бачны сына слядок.
Вось яшчэ адзін верш, прывяду яго цалкам:
Я бялізну мыла, потым паласкала,
з ветрам размаўляла:
– Ой, ляці, мой ветрык, можа, ўбачыш сына,
дык скажы: сняданак год каторы стыне...
Я бялізну мыла, потым паласкала,
слёзаньку пускала.
– Ой, каціся, слёзка, па густой травіцы,
можа, недзе сын мой прыпадзе напіцца?..
Я бялізну мыла, потым паласкала,
долю ушчувала.
– Ой, каціся, рэха, па зялёным гаю,
мо пачуе сын мой, як яго гукаю?..
Гераіня страціла сына. Гэта трагедыя для маці, і яна ўвесь час перажывае яе. Вось чаму не хочацца, каб сканчалася зіма – маленькі сын бегаў па снезе і цешыў сваю маці.
Наколькі ж моцна з дапамогай паэтычных інструментаў перададзеныя пачуцці і адчуванні гераіні. Немагчыма без хвалявання чытаць гэтыя радкі.
«Такое кароткае лета» – сумны верш. Ды і не бывае іх іншых, калі разбураецца каханне, хоць і ёсць пробліскі надзеі на будучыню. Верш надрукаваны ў 1981 годзе, паэтке ўсяго трыццаць чатыры гады. І вось што яна піша пра сябе (ох ужо гэтыя жанчыны!):
Я надта многа не прашу!
Цяпер ужо не так i проста
прыняць бяз роздуму ў душу
патрэбы сталага узросту.
Рэдка сустракаў я такую стройную жаночую паэзію, якую ўяўляе Баравікова. Версіфікацыя проста бездакорная: што рыфма, што рытм. Вершы лёгка чытаюцца і свабодна пранікаюць у душу. Дзіўна, але пасля чытання яны помняцца. Гэта рэдкасць для сучаснай паэзіі.
Люблю вясновы ціхі дзень,
туман замглёнага світання,
з палёгкаю гляджу на цень
свайго апошняга кахання.
Пачуцці даўнія маўчаць,
а дойдзе ноч да небакраю,
як страшна хочацца крычаць:
i спадзяюся, i – кахаю.
Так заканчваецца верш «Такое кароткае лета». Хочацца, каб у гераіні ўсё ў жыцці склалася, паколькі за радкамі пачуццёвых строф бачная чыстая душа.
І вось апошні твор, пра які жадаю распавесці ў гэты раз. Ён і завецца «Апошняя сустрэчы выбраных». Праўда, у маім выпадку, гэта не апошняя сустрэча з творчасцю выдатнай паэткі Раісы Баравіковай.
Азвуцца хутка снегапады.
Пра іх ужо гамоняць ветры.
А мы з табой зіме не рады
у гэты вечар непрыветны.
У час апошняе сустрэчы
засланы вочы ціхім жалем,
пакутліва накрыла плечы
я пры табе пуховым шалем.
Глядзіш адчужана, зласліва –
я для цябе ужо чужая!
На санках снежаньскіх імкліва
да нас расстанне пад’язджае.
Адводжу позірк свой маўкліва
i час зацягваю упарта!
З табою не была шчаслівай,
а без цябе i жыць не варта!
Лягла на твар разлукі боязь,
ды пагляджу ніякавата...
I пакланюся нізка ў пояс,
нібыта ў нечым вінавата.
Ясна, што растанне адбываецца не па віне гераіні. Звярніце ўвагу на лагоднасць, пакорлівасць. Што чакае яе? Адзінота? Мноства іншых мужчын (у папарэднім вершы – «гляджу на цень свайго апошняга кахання»)? Зноў надзея...
***
Вось і ўсё. Перавярнуў апошнюю старонку ўмоўнай кнігі пад назвай «Паэзія Раісы Баравіковай». Але я дакладна ведаю, што яшчэ не раз яе адкрыю.
Пасля такога падрабязнага знаёмства з творчасцю рознабаковага таленавітага чалавека, якім з’яўляецца Раіса Андрэеўна Баравікова, я раблю інтуітыўнае заключэнне: яна паэтка высокага ўзроўню сярод сучасных аўтараў-жанчын. Калі не самага высокага.
Александр Новиков (#алесьновікаў)
(першая публикацыя - 09.09.2019,
фота: А.Новікаў, люты 2012)
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.