четверг, 18 марта 2021 г.

ВОБРАЗ, НАПОЎНЕНЫ СЭНСАМ

(Прадмова да кнігі С.Антановіча "Вяртанне ў юнацтва").
 
Шчучынскі край, казачны і прыгожы, апеты ў легендах і паданиях, багаты на славутых і таленавітых людзей. Гэты маляўнічы куток, праз які праплывае светлы Неман, – радзіма паэтэсы-рэвалюцыянеркі Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Вацлава Іваноўскага – вучонага і палітычнага дзеяча, заснавальніка нацыянальнага беларускага руху.

На шчучынскай зямлі нарадзіліся паэт Ануфрый Петрашкевіч, спявак і кампазітар Чэслаў Неман, мастакі Гіяцынт і Казімір Альхімовічы, арнітолаг Канстанцін Тызенгаўз, легендарны генерал Парыжскай камуны Валерый Урублеўскі, народная артыстка Беларусі Вольга Галіна, чые імёны навечна ўпісаны не толькі ў айчынную гісторыю.

Некалі Гётэ сказаў: «Калі хочаш зразумець паэта, наведай яго радзіму». Нам няма неабходнасці рабіць падарожжа на радзіму вядомага пісьменніка Сл.Антановіча – мы жывём побач з яго роднымі мясцінамі.

Славамір Валяр’янавіч Антановіч нарадзіўся і ўзгадаваўся ў Шчучынскім краі, з яго курганамі і рэкамі, вёскамі на ўзгорках, садамі, густа ўкрытымі бэзам і шыпшынай, паркамі, рачнымі туманамі.

Калі едзеш па асфальтаванай трасе Мінск-Гродна, за пятнаццаць кіламетраў пасля Шчучына, каля самай шашы, злева стаіць указальнік «Пратасаўшчына». Да 1939 года тут былі ворыўныя панскія ўладанні.

Звярнуўшы да фальварка і праехаўшы з кіламетр па вузкай, абсаджанай ліпамі дарозе, каля мясцовага спіртзавода, былой пачатковай чатырохкласнай школы, якой ужо няма, трапляеш у вёску Пілеўсі.

У цэнтры яе і знаходзіцца драўляны дом, на два канцы, у якім 9 студзеня 1955 года нарадзіўся будучы дзяржаўны служачы, грамадскі дзеяч і вядомы пісьменнік. Тут ён жыў. Тут праляглі сцежкі яго маленства і юнацтва.

Некалькі слоў пра радзімае месца С.Антановіча, дзе заўжды і сам адчуваеш адзінства з гэтай зямлёй, а прыцягненне да яе перапаўняе і тваё сэрца.

У 1885 годзе гэтая вёска ў Каменскай воласці Гродзенскага павета налічвала 78 жыхароў, а за год да Вялікай Айчыйнай вайны ў 44 хатах пражываў 191 жыхар. На пачатку XXI стагоддзя адпаведна: 38 двароў і 67 жыхароў. На жаль, у нашы дні вёска паступова пусцее, а калі папраўдзе, то і вымірае.

Дзед будучага пісьменніка Міхаіл і бацька Валяр’ян лічыліся заможнымі сялянамі, мелі свой уласны надзел зямлі і лясны ўчастак, трымалі наёмных рабочих. Але тэта было пры панскай Польшчы.

Славамір выхоўваўся ў сям’і, у якой народзіцца пяць дзяцей. Сям’я жыла небагата. Хлапчук вучыўся ў чатырохгадовай Пратасаўшчынскай школе. Адзнакі атрымліваў, як правіла, выдатныя. Бацька працаваў на спіртзаводзе, тэхнаруком, а маці, Сафія Фёдараўна, – у мясцовым калгасе, затым – ў саўгасе.

Яшчэ да школы юны хлопец іншы раз падзарабляў тым, шта за рубель пасвіў статак кароў у мясцовага загадчыка спіртзавода. Над лесам толькі-толькі ўзнімалася сонца, а на роснай траве заставаліся сляды малога пастушка.

Летам, у час канікулаў, ён зарабляў «працадні» на ўборцы ўраджаю. На вазах з сябрамі звозіў сена і салому ў сцірты ці на саўгаснае гумно, на двухколавых металічных граблях, запрэжаных вараным канём, зграбаў сена, разам з дарослымі сціртаваў салому.

У пачатковай школе восенню вучні ўручную капалі дзялкі з бульбай. Яе здавалі на спіртзавод «Пратасаўшчына», і на атрыманыя грошы настаўнік Лазар Канстанцінавіч Путроў купляў дзецям сшыткі, алоўкі, ручкі, дзённікі, навагоднія падарункі, чай і пячэнне.

Летнімі вечарамі разам з вясковымі хлапчукамі хлопец лазіў у чужыя агароды за чарэшняй, яблыкамі. Наладжвалі падлеткі і «ваенныя» гульні. Славамір добра гуляў у футбол, валейбол. Часта за выдатную вучобу яго заахвочвалі пуцёўкамі ў піянерскія лагеры працы і адпачынку.

I ўвесь час вучобы ў школе ён дапамагаў бацькам па хатняй гаспадарцы, нарыхтоўваў дровы, касіў, араў, капаў бульбу. Словам, з ранніх гадоў пазнаў сялянскую працу, на сабе адчуў, як цяжка зарабляецца рубель.

На выхаванне будучага пісьменніка вялікі ўплыў аказала маці, якая добра малявала пейзажы і партрэты, ахвотна рас- казвала казкі, ведала шмат народных песень і любіла іх спяваць. Яна і сыну з маленства прывіла любоў да фальклору.

Суседкі па вечарах заходзілі ў Антановічаў дом і доўгімі зімовымі вечарамі, прадучы кудзелю ці ткучы на кроснах палотны, спявалі задушэўныя песні на пявучых беларускай і польскай мовах.

Светапогляд будучага пісьменніка складваўся не толькі пад уплывам школы, але і навакольнага асяроддзя. Ён часта бываў з сябрамі на кірмашах, саўгасных фестывалях, вяселлях і абрадавых святах. З ранняга дзяцінства ўвабраў у сябе і добра ведаў родную мову, песні, легенды і звычаі аднавяскоўцаў.

Блізкі гай, цёплая вясновая ралля, хлебны водар даспелых палеткаў, росны пастушковы ранак і ўсё, што было так напоўнена хараством прыроды, выхоўвалі юнага паэта, будучага празаіка і публіцыста...

Пасля заканчэння ў Пратасаўшчыне, побач з роднай вёскай Пілеўсі, чатырохгадовай пачатковай школы хлапчук пайшоў вучыцца ў Каменскую сярэднюю школу, за тры кіламетры ад родной вёскі. Дабіраліся туды вучні на веласіпедах. I толькі зімой, калі дарогу замятала снегам, школьнікі ішлі пешшу, пераадольваючы заносы. А зімы ў шасцідзесятыя гады, трэба сказаць, стаялі надзвычай студзёныя, марозныя, заснежаныя...

У родным доме Славамір спрабуе і свае літаратурныя здольнасці. Пачынаючы з восьмага класа, у рэспубліканскіх выданнях – часопісе «Бярозка» і газеце «Піянер Беларусі» друкуюцца яго першыя вершы, гучаць яны і ў выпусках рэспубліканскага радыёчасопіса «Крылы».

Са школьнай сцэны і сцэны раённага Дома культуры часта гучалі з вуснаў таленавітага юнака лірычныя вершы: спеўна, спакойна, шчыра. Ён чытаў іх і, здавалася, у радках чуўся плёскат азёраў, булькат крынічнай вады, хваляванне бацькі Нёмана, пошум дрэў...

З вялікім трапяткім хваляваннем юнак спасцігаў веды і мудрасць ад кніг Я.Коласа і Я.Купалы, А.Міцкевіча і П.Броўкі, М.Лынькова, А.Куляшова і К.Крапівы, М.Багдановіча і I.Мележа. I, вядома ж, любіў лірыку рускіх пісьменнікаў і паэтаў: А.Пушкіна і I.Буніна, К.Паустоўскага і С.Ясеніна, Л.Талстога і Ф.Цютчава. З захапленнем чытаў творы вядомых замежных аўтараў – англійскага драматурга В.Шэкспіра і французскіх раманістаў В.Гюго і А.Дзюма.

Гады вучобы ў сярэдняй школе – гэта самая шчаслівая пара ў будучым жыцці паэта і пісьменніка. Менавіта ў шостым класе, у трынаццаць гадоў, упершыню надрукавала яго заметку рэспубліканская газета «Зорька». Менавіта ў гэты дзень вялікаму «буревестнику» Максіму Горкаму, артыкул аб якім таксама быў змешчаны на старонках газеты, споўнілася б 100 гадоў...

У старэйшых класах паэзія стала сэнсам жыцця Славаміра Антановіча, яго дыханием і пачуццямі. Ён удзельнічае ў розных творчых конкурсах і часта выходзіць пераможцам.

У дзевятым класе юны паэт напіша на аснове фальклорнай вобразнасці верш «Над Свіцяззю», зачарованы возерам на Навагрудчыне і ўсхваляваны прачытанай на польскай мове баладай Адама Міцкевіча «Свіцязянка»:

I хочацца ноччу ў месячным ззянні

Блукаць з свіцязянкай ля сівых дубоў

I слухаць легенду аб верным каханні,

Пра пекла – за здраду, і рай – за любоў.

У школе Славаміру не было роўных у творчай працаздольнасці. Ён меў зайздросную юнацкую цягавітасць. Падкупляла ў ім шчырасць і даверлівасць, любоў да роднай зямлі, прыроды, усяго жывога, што праходзіла праз юнацкае жыццё і творчасць.

У 1972 годзе ён закончыў сярэднюю школу з залатым медалём і адразу ж паступіў у Мінскі радыётэхнічны інстытут, на факультэт аўтаматыкі і вылічальнай тэхнікі, хаця на руках у яго было накіраванне з характарыстыкай-рэкамендацыяй Дзяржкамітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні для наступления на журфак Белдзяржуніверсітэта.

У адной групе з ім тут вучыўся Леанід Піліневіч, родам з вёскі Вялікая Лотва Ляхавіцкага раёна, у будучым – вучоны ў галіне парашковых матэрыялаў, доктар тэхнічных навук, заслужаны вынаходнік СССР. Ён – аўтар навуковых работ па даследаванню і стварэнню порыстых пранікальных матэрыялаў і вырабаў на іх аснове для ачысткі вадкасцей і газаў, глушэння шуму і інш., лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі...

Пазней, у 1996 годзе, С.Антановіч завочна закончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (юрыдычны факультэт).

Славамір – прыцягальная асоба, з напружаным інтэлектуальным жыццём. Энергічны, справядлівы, але іншы раз рэзкі і катэгарычны ў ацэнках. Без зайздрасці, паказухі, зазнайства. Памятае шмат цікавых гісторый аб сустрэчах з рознымі людзьмі. Сярод іх нямала вядомых дзаржаўных дзеячаў, таленавітых асоб. Яго цікавыя аповеды, выступленні ў друку і па тэлебачанні з павагай ўспрымаюцца ўсёй аўдыторыяй: ад школьнікаў, студэнтаў, рабочых, творчай інтэлігенцыі, да дзяржаўных служачых.

***

Яшчэ ў школьный гады С. Антановіч напіша чыстыя, крыштальныя, крыху наіўныя паэтычныя радкі. Калі чытаеш яго раннюю лірыку, перад сабой бачыш юнака, які дзівіцца неразгаданым пачуццям адносін паміж ім і юнай паклонніцай. Вядома ж, вершы пісаліся ў розны час, пераважна ў пару маладосці. «Іншы час і іншы свет, і ўсё ж, усё ж...»

Каханне ў С.Антановіча гучыць як гімн мацярынству, красе і дабраце, якія ён увасобіў у творах аб беларускіх мадоннах, перад якімі паэт схіляе сваё чало.

Твой вобраз упрыгожыў дом,

Глядзіш, жывая, як спрасонку.

Я вечны твой мастак з пяром...

I зноў не вырвуся з палону,

Малюся на цябе, Мадонна...

Гэты верш, як і іншыя вылучаецца шчырасцю і адкрытасцю, даверлівасцю і безабароннасцю. У гэтым соль усёй яго лірыкі кахання. Ён гаворыць праўду, якой бы яна горкай ні была, аддае перавагу ісціне, а не падману. Яго лірычны герой варты вялікай любві, і гэта робіць яго прыгожым. Таму што побач з лірычным героем і яго лірычная гераіня.

У паэзіі не існуе індывідуальных рысаў. А індывідуальныя рысы – рысы яго лірычнага героя – праўдзівасць і сумленнасць, паколькі сумленне – гэта галоўны кантралёр учынкаў і іх суддзя.

Каханне і лёс, каханне і жыццё, каханне і радзіма... У паэтычным асэнсаванні гэтыя жыццёвыя сувязі наскрозь пранізаны тонкім лірызмам, нясуць на сабе адпячатак прыгажосці, узвышаныя пачуцці аб трапяткім і чыстым каханні. Паэт не толькі разважае аб радасцях, пакутах, вернасці і здрадзе, але і сам горача кахае. I пакутуе, і радуецца:

Навошта быць з жанчынай нелюбімай,

Застаўшыся на вечар удваіх,

Шаптаць падманліва ў папяросным дыме,

Як слёзы, словы чыстыя свае...

Аўтар вядзе неабмежаваную размову са сваей душой, з будучым чытачом у розных сітуацыях, адкрыта, як на споведзі, прызнаецца ў сваіх памылках, пачуццях, трывогах. I верыцца, што, калі аўтар «вяртаецца ў юнацтва», чытач зразумее яго адкрытасць, шчырасць і рамантыку кахання.

З усяе шматграннай творчасці паэта і пісьменніка ў гэтую кнігу ўвайшлі сагрэтыя святлом душы вершы, натхнёныя першым нясмелым захапленнем дзявочай красою, прызнанні ўзмужнелай сталасці ў нязгаснай вернасці той, з кім зліліся лёсы, пачуцці адданасці і ўзаемнай шчырасці.

Вясенняй ноччу ў плацці белым

Твой вобраз мілы завітаў.

Руку тваю я ўзяў нясмела

I першы раз пацалаваў.

 

Яшчэ нявінны, малады

Маўчаў, разгублены міжволі,

Краса дзявочая, да болю,

Душу мне ўзрушыла тады.

Яго вершы аб каханні, пяшчотным і трапяткім, як душа цнатліва-юнай маці-Зямлі, якая дала жыццё і радасць, мары і смеласць сваім дзецям...Вечная тэма вечнай душы. Сама па сабе, па прыродзе сваёй паэзія была і застаецца вечнаю загадкай. I разгадвае яе кожны ўласным сэрцам. Гаворку ж пра Славаміра нярэдка падсумоўваюць два словы – «загадка Антановіча». I ёсць ёй, мабыць, разгадка...

***

У 1990 годзе вядучы праграмы «До и после полуночи» Уладзімір Малчанаў запрасіў Славаміра Антановіча ў Маскву на Цэнтральнае тэлебачанне ў якасці журналіста прыняць удзел у тэлеперадачы, прысвечанай жыццю і дзейнасці, абставінам гібелі Першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Пятра Машэрава.

«Я тады працаваў спецыяльным карэспандэнтам у цэнтральнай рэспубліканскай газеце «Звязда», – расказваў ён. – На маю прапанову даць грунтоўнае інтэрв’ю аб дзейнасці судовай сістэмы рэспублікі згадзіўся Уладзімір Каравай, Старшыня Вярхоўнага Суда, з якім потым завязаліся даверлівыя, шчырыя адносіны, і з якім лёс праз нейкі час звяжа нас па сумеснай рабоце ў гэтай высокай дзяржаўнай установе...

Ён дазволіў мне азнаёміцца з засакрэчанай трохтомнай крымінальнай справай, звязанай з абставінамі гібелі Машэрава. Але «Звязда» не апублікавала мае публіцыстычныя дакументальныя артыкулы. У тыя часы на імя Машэрава было накладзена табу. Матэрыялы спачатку выйшлі ў газеце органа МУС рэспублікі «На страже».

I вось я сустрэўся з Малчанавым, выступіў у яго тэлевізійнай праграме. Праз некалькі гадоў выйшла мая першая кніжка. Мабыць, дзякуючы яго «пратэжэ», я і адбыўся як пісьменнік, – прызнаўся значна пазней С.Антановіч. – Няпроста было тады прабіцца на ўсесаюзнае тэлебачанне магутнага СССР...»

Вершы паэта нясуць элементы павучальнасці і прынцыповасці. Калі размова ідзе аб грамадзянскай пазіцыі, паэт робіць усё магчымае, каб быць зразумелым дакладна і адназначна. Ён убірае ў сваё жыццё і тое, што было і што магло быць з яго продкамі, тымі, хто пайшоў у небыццё яшчэ да з’яўлення Славаміра на свет. Вось верш, які напісаны на рускай мове:

Мать моя Беларусь,

Вновь в лихую беду,

Как солдат, поднимусь,

В сорок первом году.

«Вобраз – бацька Паэзіі», – заўсёды любіў зазначаць пры сустрэчы з маладзейшымі аўтарамі карыфей метафарычнага слова Анатоль Вялюгін. Ён – жыў паэзіяй. I свае паэтычнае крэда імкнуўся перадаць і перадаў – нашчадкам. Вось і ідзе па яго сцяжыне Славамір Антановіч і як публіцыст, і як пісьменнік, і як паэт. I гэта ўжо сведчанне высокага майстэрства, сталасці паэтычнага таленту.

Узяўшы ад вобраза ўсё, што ёсць, ён яшчэ не забыўся на стыль пісьма, пластыку, гукапіс, мелодыку, душэўную цеплыню. Вершы яго – светлыя багаццем душы, яе ўнутранага цяпла, напоеныя струменямі сонца і дажджу, акрылённыя пачуццём радасці да людзей. Але не толькі... Бываюць яны і суровымі: «Над джунглямі, як над рубцамі // Нязгасныя зоры цвітуць», ці «А над зямлёй, – чуеш? – прагнуць прыўзняцца // Новыя ястрабы новай вайны...» Бываюць вершы і неміласэрна – балючымі:

Здрыгануцца бярозы ад ветру,

Ці ад болю, што іх апячэ?..

Цяжка маці

У смерць сына паверыць –

Змрок туманіць прадонне вачэй.

Але вобраз – перамагае. Яго (іх!) можна заўважыць у кожным вершы, у незнарок нявымучаным радку, напрыклад:

Згубіліся ў просіні зоры –

Іх прысак на золку ачах.

Трамваі з вятрамі гавораць

I сонца вязуць на плячах.

Ад паэта-пісьменніка ніколі не просядь большага, чым ён можа даць сам. Гэта факт. Але ў паэта прагна веруюць. Бо сапраўдны паэт – вяшчун. Вешчае напаўненне ў паэзіі Славаміра Антановіча адчуваецца існа і пераканаўча: «Свет не будзе пакорным і шэрым...» Усхвалявана-бунтарскае:

Я не веру,

што прысмерк настане,

Абарвецца,

як нітка, жыццё...

Вобразы. Вобразы. Вобразы... Іх цэлая галерэя, як у мастака, няўрымслівага ў сваіх летуценнях, эскізах, сюжэтах, малюнках, бо яны напоўнены глыбокім сэнсам. Яго кожны ўсхваляваны паэтычны радок адрасуецца людскім сэрцам. Ён саграе і радуе іх, вымушае біцца часцей, на дабрату адказваць дабратой, на шчырасць – шчырасцю.

Прачытаўшы кнігу паэзіі і прозы Славаміра Антановіча, верыш, што ён і рускамоўны паэт тымчасова.

Поклялся я: не плакать слёзно,

Когда один – зачем рыдать?!

Я знаю: будут падать звёзды,

Пусть даже некому поднять.

Паэт вольна і глыбінна адчувае сябе ў беларуска-рускамоўнай структуры. Бо што ні кажы – мова абавязвае: вышкальваў! У сталым узросце, ад чыстага і закаханага сэрца, ён напіша нямала цудоўных лірычных вершаў на рускай мове, якія з задавальненнем чытаеш:

Я в этом строгом мире весь живу

В предчувствии, увы, поры унылой.

Увижу ночью звёздной образ милый,

И вновь сквозь сон любовь свою зову.

У вершах паэта не толькі шчырая споведзь пра адчутае, перажытае, пранесенае праз нялёгкае і шчаслівае жыццё, у іх – захапленне чысцінёю пачуццяў юнакоў і летуценных дзяўчат, што ад шчасця ўсміхаюцца ўсяму свету. Тут праўда жыця і паэзіі.

***

У Славаміра Антановіча цікавая і зайздросная службовая біяграфія. Ён працаваў у камсамоле, на вытворчасці – начальнікам участка аб’яднання «Захадспецаўтаматыка», галоўным энергетыкам Шчучынскага масласырзавода. Пазней быў прызначаны інструктарам Шчучынскага райкама партыі.

Асаблівы перыяд ў жыцці С.Антановіча – творчы. 3 1985 па 1990 год – спецыяльны карэспандэнт газет «Мінская праўда» і «Звязда». Член Саюза журналістаў СССР (1988). Чытачы адразу ж вылучылі сярод іншых яго яркія, вострыя і змястоўныя публікацыі. На іх звярнулі ўвагу ў высокіх партыйных інстанцыях...

Як вынік, у 1990 годзе паступіла запрашэнне на работу ў ЦК Кампартыі Беларусі – памочнікам Першага сакратара. Пазней у яго працоўнай біяграфіі з’явяцца новыя запісы адказных пасад: саветнік Старшыні Вярхоўнага Суда, начальнік дагаворна-прававога ўпраўлення Дзяржаўнага мытнага камітэта, галоўны саветнік Прэм’ер-міністра рэспублікі, начальнік аддзела Генеральнай пракуратуры.

I ўвесь час, знаходзячыся на дзяржаўнай службе, Славамір Валяр’янавіч Антановіч плённа працуе як на публіцыстычнай, так і на празаічнай ніве, актыўна выступае з публікацыямі ў рэспубліканскім і ўсесазным друку. У розных выдавецтвах выходзяць яго таленавітыя кнігі, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў чытачоў.

***

Больш як палову жыцця пісьменнік прысвяціў праўдзіваму паказу мінуўшчыны. Яго гістарычныя раманы «Пётр Машеров» (1993, 1998, 2011), «Призраки Можейковской крепости» (2005, 2011), «В августе девяносто первого...» (2008, 2015), «Чёрный омут Нёмана» (2012), «Диверсант Сталина» (2017), дакументальныя кнігі «Приговорённые к расстрелу» (2001), «Жизнь вне закона» (2006), «Ушедшие в бессмертие» (2010, 2015), «Судьба до востребования» (2011), «Узники Пищаллова замка» (2013) прынеслі аўтару шырокую вядомасць і папулярнасць.

Чалавек абвостранай грамадзянскай чуйнасці, палымянай страсці заўсёды тонка адчувае пульс нашай сучаснасці, глыбока разумее душу народа і заўсёды гаворыць з ім зразумела, сумленна, усхвалявана і адкрыта.

Што б ні пісаў Славамір Антановіч, вершы ці нарысы, публіцыстыку ці раманы, дакументальныя аповесці, ён заўсёды застаецца ўдумлівым, тонкім, а з гадамі мудрым празаікам. Гэта яшчэ раз пераканаўча сведчыць пра тое, што яго творчая дакументалістыка – не нудлівы пераказ фактаў з архіва, а сапраўднае прафесійнае мастацтва. Трэба быць таленавітым майстрам, каб спалучыць у творах нявыдуманую жыццёвую рэальнасць, ад якой нельга ні на крок адступіць, і жанр гістарычнага дэтэктыва!

Магчыма, такая багатая службовая біяграфія паўплывала на выбар тэм і аўтарскі стыль. Вось тут, вядома, і хаваецца схільнасць да амаль матэматычнай дакладнасці, выверанасці фактаў чалавека, які займае кіруючыя дзяржаўныя пасады, і журналісцкая, пісьменніцкая вобразнасць!

Напэўна, зусім няважна, на якой пасадзе працуе чалавек, у колькі тысячах кніг і архіваў будзе ўпісана яго імя. Галоўнае, чаго ён варты менавіта на тым месцы, дзе знаходзіцца, якой інфармацыяй і якасцямі напоўнены яго ўласныя архівы душы...

Кожны верш гэтай кнігі зачароўвае хараством зямнога красавання, прыгажосцю росных світанкаў і зорных начэй, шэптам траў і асенняга лісця, захапляе адкрытасцю неспакойнага сэрца, сагрэтага моцным і чыстым пачуццём:

Мне б застацца ў салодкім палоне,

Непрыступнасць пяшчотай скарыць

I маліца на вечар у звоне,

Што цябе ад нябёс падарыў...

Творчыя і жыццёвыя пошукі Славаміра Антановіча знайшлі свой працяг у празаічным дзённіку жыцця і працы, юначага кахання студэнтаў інтэрнацыянальнага будаўнічага атрада «Мінск-75» Мінскага радыётэхнічнага інстытута ў горадзе Гагарын Смаленскай вобласці – аўтабіяграфічнай дакументальнай аповесці-хроніцы «Гжаць – рэчка ціхая». Гэта самы лёгка ранімы літататурны жанр. Не справаздача, не агляд яго пункт погляду. Шчасце тых дзён, у якіх мы жылі і аб якіх ідзе размова, стала працягам жыцця і сённяшняй моладзі. Бадай, гэта адзін (!) з самых яркіх публіцыстычных твораў на студэнцкую тэматыку ў беларускай прозе.

Вялікую цікавасць у маладога і старэйшага пакаленняў выкліча дакументальнае апавяданне «Адзін дзень з жыцця райкома камсамола». На гэту тэму пра засакрэчаныя бакі дзейнасці такой уплывовай усесаюзнай арганізацыі ў савецкі час так праўдзіва, адкрыта і шчыра, таленавіта і прафесіянальна яшчэ не пісалі...

У Славаміра Антановіча зайздросны пісьменніцкі лёс. Ён дасягнуў многага з таго, аб чым мараць сотні яго калег па пяру: выбіраўся старшынёй Савета і дырэктарам рэспубліканскага літаратурнага фонда, з’яўлецца членам праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі і праўлення Беларускага фонда міру. Ён – заслужаны журналіст, лаўрэат прэміі Беларускага Саюза журналістаў «Залатое пяро», пераможца многіх рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў. За лепшы твор 2011 года ў галіне публіцыстыкі кнігу «Судьба до востребования» атрымаў «Залаты купідон».

На яго вершы пішуць мелодыі многія музыканты, песні выконваюць вядомыя артысты эстрады.

Неяк супрацоўніца газеты «Літаратура і мастацтва» Ірына Тулупава ў гутарцы са мной паэтычна заўважыла:

Як быццам бы гісторык,

Як быццам дакументаліст.

Дакладны, як аптычныя прыборы...

Пісьменнік Антановіч

Піша новы кніжны ліст...

Вельмі трапна сказана. Веру і ўпэўнены, што паэтычныя і празаічныя творы паважанага Славаміра Антановіча, які знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, вытрымаюць выпрабаванне часам, будуць запатрабаваны новымі пакаленнямі і ад іх перададуцца далей, сваім нашчадкам, вечна маладым і закаханым, сталым і юным сэрцам.

Творчасці пісьменніка і паэта – жыць!


 

Генадзь ПАШКОЎ,

паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі

Рэспублікі Беларусь.

 

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.