В рубрике "из архива" буду публиковать материалы прошлых лет. Данная замечательная критика (была же раньше!) публиковалась на ЛитКритике 30 августа 2012 года.
***
Валентина Кадетова |
Собрал как-то материал по Наталье Батраковой и отложил все в "долгий ящик". И вот провидение мне послало Валентину Кадетову. Ее материал о творчестве Батраковой был напечатан несколько лет назад в "ЛіМе". Здесь размещаю оригинал статьи, присланной по моей просьбе автором. Достойно уважения трудолюбие Валентины, которая нашла время изучить сотни страниц текста. И еще – я высоко ценю профессионализм и способность находить "ляпы" в тексте. Это дано не каждому.
Судьба отдельных статей Валентины похожа на судьбу статей многих других писателей, которых отвергают известные литературные газеты и журналы. Примеры здесь на портале приводились. Чуть позже я опубликую интересные материалы Валентины Кадетовой о современных проблемах, в том числе и литературных.
Александр Новиков
***
Непісьменнае пісьменства, альбо Сіндром Бронскага
И вот мне непонятно, как вы можете писать, если вы не умеете даже говорить по-русски. Что это за «пара минуточек», «за кур»? Вы, вероятно, хотели спросить «насчёт кур»?
М. Булгаков, «Роковые яйца»
Гартаючы старонкі некаторых выданняў з пазнакай «літаратурна-мастацкае», я ўспамінаю рэакцыю булгакаўскага прафесара Персікава на пытанне журналіста Альфрэда Бронскага «за кур» і спрабую ўявіць, што здарылася б з прафесарам, калі б ён меў магчымасць пазнаёміцца з такой «літаратурай». Уяўленне малюе мне карціну, якая выклікае шчырае спачуванне няшчасніку. На нейкі момант я нават забываюся, што Уладзімір Іпацьевіч Персікаў усяго толькі літаратурны герой, таму спачуваць трэба хутчэй не яму, а сабе і ўсім тым, хто мусіць спажываць такую вось «цяжкатраўную» прадукцыю:
Дзе ты бродзіш, мая муза?
На Пегасе хто яздок?
Хочаш, я тваёй спакусай
Стану толькі за радок?
Ты на свет адкрый мне вочы,
Адтачы мае думкі,
Падары мне дні і ночы
І няўтомнасць для рукі
(В. К.)
Я простыл от нелюдского люда,
Задыхаюся от нелюдского быта,
Неизвестно, кому будет завтра чудо?!
Но знаю, что я отброшу копыта.
(В. Д.)
Гэты ж самы аўтар пагражае:
Я издам свои новые книжки,
Раплывутся они, словно плотки,
Убегут, как из школы мальчишки,
Обо мне сочинённые плётки.
I, паверце, «издаст», бо з паўдзесятка ягоных выданняў ужо «расплылись, словно плотки», па бібліятэках.
Ці не праўда, раней (гадоў дзесяць-дванаццаць таму) кніжак з гэткімі "творамі" вы і прысніць не маглі б: дзяржаўныя выдавецтвы, дзе заўжды працавалі і працуюць высокапрафесійныя рэдактары, выпусціць такое ў свет палічылі б для сябе за вялікую ганьбу.
Але вось з'явіліся ў нас шматлікія прыватныя выдавецтвы, і для рупліўцаў пяра з сіндромам Бронскага настала раздолле. Стукнуўшы "дзверру" чарговай "несправядлівай" да іхняй творчасці рэдакцыі, кінуліся яны ў тыя з выдавецтваў, якія працавалі па прынцыпу "за вашы грошы – любая ваша прыхамаць". Ну, выбіваць - выклянчваць грошы на выданне сваіх кніг новаспечаныя творцы ўмелі нашмат лепей, чым пісаць, і таму ў хуткім часе панеслі яны " ў народ" хто дзесяткі, хто сотні, а хто і тысячы кілаграмаў сваіх опусаў, прафануючы літаратурную творчасць і прыніжаючы пісьменніцкае званне і без таго прыніжанае чыноўнікамі ўсіх рангаў.
Супраць графаманскай вакханаліі выступалі Уладзімір Саламаха, Віктар Гардзей, Юрый Сапажкоў, Казімір Камейша (дасюль успамінаецца ягоны артыкул "Пугі яму, пугі!", змешчаны ў адным з мінулагодніх нумароў часопіса "Вожык").
Але былі ды і цяпер ёсць сярод нас тыя, хто чамусьці лічыць, быццам крытыкаваць чалавека, які раптам вырашыў стать пісьменнікам, нават калі ён зусім не ўмее пісаць, нельга. Вось калі сталяр – бракароб зладзіць крываногую ды хісткую табурэтку, то яго не толькі пакрытыкаваць, але і пакараць трэба (як жа, сеўшы на такую табурэтку, скалечыцца нядоўга), а вось бракароба ад літаратуры не чапаць, бо "гэта не гуманна".
Вось з ласкі такіх гуманістаў і працягваюць "выплюхвацца" з прыватных выдавецтваў не проста бяздарныя, але і напісаныя непісьменнай моваю творы. Непісьменны пісьменнік-прыкрая і, на жаль, даволі распаўсюджаная з'ява ў сучасным літаратурным працэсе.
Я ні ў якім разе не хачу ганіць прыватныя выдавецтвы ўвогуле. Сёння, калі нават даволі вядомы сталічны пісьменнік мусіць некалькі гадоў чакаць выхаду сваёй кнігі ў дзяржаўным выдавецтве, прыватныя ў пэўнай ступені выратоўваюць сітуацыю (толькі вось зноў жа грошы...). Хіба мала добрых кніг выпушчана прыватнымі выдавецтвамі "Кнігазбор", "Логвінаў", "Про Хрыста", "Чатыры чвэрці", "Тэхналогія", "Галіяфы"? Але ж не патрабуе доказаў і тое, што ўсе кніжкі зусім непісьменных, амаль непісьменных і не зусім пісьменных аўтараў атрымалі пуцёўку ў жыццё менавіта ў прыватных выдавецтвах, відаць, тых, дзе не вельмі кваліфікаваныя рэдактары, або (з-за эканоміі?) іх няма ўвогуле.
Для мяне асабіста застаецца таямніцай, як азначаным выдавецтвам удаецца так лоўка разрэкламаваць якую-небудзь шэранькую кніжку (звычайна з разраду "не зусім пісьменных"), што недасведчаны чытач, паверыўшы, быццам кніжка тая – нешта выключнае, подбегам імчыць у кнігарню ці бібліятэку.
Гэтая таўсценная – ажно семсот старонак! – кніжка трапіла да мяне не выпадкова. Мая добрая знаёмая, аматарка чытання, спыталася ў мяне: "А як табе творы Батраковай?" Пачуўшы, што Батракову я не чытала, знаёмая асуджальна пахітала галавой: "I табе не сорамна?! Ты ж філолаг ды і пісьменніца ў дадатак!"
I стала мне сорамна...
I пайшла я ў бібліятэку, дзе папрасіла "што-небудзь Батраковай".
Калі ўбачыла прапанаваную мне "Территорию души", стала мне ўдвая сорамна: сапраўды, як жа гэта я, "філолаг ды і пісьменніца ў дадатак" да сённяшняга дня не прачытала кнігу, якая перавыдадзена ў Беларусі ажно ў чацвёрты раз і на вокладцы якой з двух бакоў пазначана: "Новые имена нового века"?! Трэба было тэрмінова выпраўляць становішча: кінуць усе справы і чытаць, чытаць... Я схапіла кніжку і хуценька пайшла з бібліятэкі.
Разгарнуўшы раман, прабегла вачыма анатацыю і спатыкнулася на сярэдзіне першага ж сказа: "...точно описана автором психология взаимоотношений мужчины и женщины, их нелёгкие судьбы и непростые характеры". Як доказ таго, што "психология, судьбы и характеры описаны" і сапраўды "точно", аўтар прыводзіць факт чацвёртага перавыдання рамана. Вельмі "лагічна"!
Сем наступных сказаў анатацыі ўяўляюць сабою пытанні кшталту "как не потерять?", "как вернуть?", "как в очередной раз простить?" (каханага чалавека - В. К.). У апошнім жа, дзевятым, аўтар запэўнівае, што "подсказки к ответам на эти вопросы" чытач знойдзе ў рамане.
Словам, калі ў каго з вас ёсць азначаныя праблемы, хуценька прачытайце "Территорию души" (700 старонак!), і ўсё ў вас стане "о'кей". Вось так. Лёгка і проста.
Насцярожылі мяне і занадта прэтэнцыёзныя для азначанай тэмы загалоўкі частак рамана. А тут яшчэ характэрныя для болыпасці няўдалых "выплюханцаў" з прыватных выдавецтваў шматлікія аўтарскія прызнанні-падзякі за дапамогу, падтрымку, натхняльныя водгукі і г.д. Жаданне чытаць "Территорию души" адразу знікла, і я адклала кніжку ўбок. Можа, неўзабаве і забылася б імя Наталлі Батраковай, "новое имя нового века", калі б раптам не пачула яго па радыё, не ўбачыла на экране тэлевізара і на старонках вельмі аўтарытэтнага і вельмі паважанага мною выдання. Дакараючы сябе за паспешлівасць і павярхоўнасць думкі, я зноў разгарнула кнігу.
Спачатку вырашыла перачытаць вершы, бо яны папярэднічалі кожнай з шасці частак рамана і, відаць, з'яўляліся свайго роду эпіграфамі. Перачытала. Вершы ашаламілі мяне поўным занядбаннем такіх паняццяў, як рыфма, рытм, прымітыўнасцю думкі, немілагучнасцю некаторых радкоў і мноствам надрыўна - істэрычных "кто?!", "куда?!", "почему?!". I ўсё гэта, заўважце, з прэтэнзіяй на "возвышенность". Працытую толькі два ўрыўкі.
Так всё же почему?! Невидима, нетленна
Стоит стена, и ей дано нас разделять!
Как сложно обьяснить, на что она похожа,
Нельзя перешагнуть (а мо паспрабаваць? – В. К.),
снести, разбить, убрать.
...И подводила грустные итоги:
Всего достигла, всем сумела доказать,
Что имидж её вовсе не случаен.
Но в мире сильных одиноко. Не понять,
Не заглянуть в бездонные глубины
Души...
Галоўнай гераіне рамана Ганне Кругловай, відаць, так, як і Наталлі Батраковай, "жутко хочется писать". I яна піша. Вершы. Некаторыя чытае сябрам:
Ни деньги, ни роскошь, ни слава
Душевный комфорт не заменят,
И тот, кто сквозь это прошёл,
Поймёт смысл слов и оценит.
А вось такія цішком падкладае ў паперы свайму шэфу і па сумяшчальніцтву палюбоўніку (праўда, не вельмі ўважліваму) Косцю – Канстанціну Крылову:
Прости за всё, в чём не права,
Как грустно, что и ты причастен
К разгрому в месте, где жила
Надежда в призрачное счастье.
Як бачыце, вершы Ганны Кругловай такога ж узроўню, як і тыя, што змешчаны перад часткамі рамана. Як я зразумела, усе яны (а вершаў у кнізе каля двух дзесяткаў) належаць пяру аўтаркі дылогіі.
Пасля знаёмства з паэтычнымі здольнасцямі Наталлі Батраковай я ледзьве прымусіла сябе прачытаць раман. Чыталася цяжкавата не толькі з-за прадузятасці, якая паспела авалодаць мной, але і з-за шматлікіх моўных "ляпаў". А іх у рамане, што называецца, на любы густ. Хочаце сказаў, знявечаных неапраўданай інверсіяй ці празмерным ужываннем дзеепрыслоўных словазлучэнняў (а такіх у тэксце болей чым дастаткова), або нейкім няясным сэнсам? Калі ласка:
"Раздавшийся вечером звонок в дверь застал её за обычным в последние дни занятием (?! – В. К.) – скорченной над унитазом". "Прошлым летом собирались с однокурсниками, твоих маму с папой вспоминали, и всем было неловко, что никто не знает, где их дочь". "Ну и день! – чертыхнулся (?! – В. К.) Костя, быстро решая, как себя вести, рассмотрев майорские погоны за стеклом".
А як вам вось такое:
"...с головой загрузив себя работой"; "...влюблённостью к этой удивительной девушке"; "...патриотизм к родной стране"; "...ароматный запах"; "...ужом крутит тело от горьких мук"; "...мы не уживёмся вместе"; "...прибавил очередной положительный балл"; "...очень искренне лучились её глаза от счастья"; "...всем отьездам Кости предшествовала бурная, страстная ночь";
А вось гэта можна смела змяшчаць у рубрыцы "Знарок не прыдумаеш":
"Здешний климат кишит вирусами", "Незаживающей ране стало легче", "Костя тихо рассмеялся в душе", "Психика Маши стабилизировалась и пошла на поправку", "Неужели это проникло в меня так глубоко, что я не могу выбросить её из головы?", "Он стянул с планки полотенце, вытер голову и тело и закрепил его на бёдрах".
Заслугоўваюць увагі і моўныя сродкі, якія аўтарка скарыстоўвае для апісання сваёй любімай і, на яе думку, вельмі станоўчай гераіні рамана Ганны Кругловай:
"удивительно красивая девушка", "забавная девушка", "прекрасная, чистая, симпатичная", "высокая интересная девушка", "умная, смелая, гордая девушка". Беднавата, як бачыце. Акрамя таго, у некаторых выпадках адчуваецца неадпаведнасць паміж аўтарскай характарыстыкай і ўчынкамі гераіні або яе, так бы мовіць, статусам. Возьмем два апошнія словы з характарыстыкі Ганны: "гордая" і "девушка".
Не ведаю, пра якую "гордость" Ганны можна гаварыць, калі варта палюбоўніку "крепко прижать" яе да сябе (што ён заўжды робіць адразу ж пасля чарговага свайго паскуднага ўчынка), як яна, млеючы ад "желания", забываецца пра ўсе прыніжэнні, атрыманныя ад "Косці". А прыніжэнняў не злічыць: ад слоўных абраз і балючага хапання за плечы да грубага згвалтавання.
"– Ах так! – гневно произнёс Костя и, схватив Анну обеими руками, бросил на стоявшее в углу кресло. – ... Здесь можешь кричать, – гневно выдохнул он, рванув на ней юбку.
Анна продолжала сражаться, всё ещё не веря в то, что он собирается сделать... и, о Боже! Вопреки всем обстоятельствам, сладострастная волна пронзила её тело".
Ну, а што наконт "девушки", то гэтае слова ў адносінах да Ганны правільным будзе ўжываць толькі ў якасці зварота да яе незнаёмых людзей (на вуліцы, у транспарце і г.д.). Пастаяннае ж аўтарскае "девушка" пра трыццацігадовую жанчыну-развядзёнку з дзіцем, жаночымі хваробамі і цяжарнасцямі гучыць неяк недарэчна.
Хачу сказаць, што я спынілася толькі на нязначнай частцы моўных агрэхаў. Пры жаданні з іх можна скласці слоўнік.
Наталля Батракова, таксама, як і ўзгаданыя раней праціўнікі крытыкі, лічыць, што ні пра які твор нельга гаварыць "это плохо" і "это не нравится", нават, пра дзіцячыя "каляки-маляки".
Ну, а калі тыя "каляки-маляки" хтосьці пачне абвяшчаць шэдэўрамі і выстаўляць побач з шэдэўрамі сапраўднымі, тады як?
Не, назваць "калякамі-малякамі" "Территорию души" было б несправядліва. Калі б як след адрэдагаваць тэкст, разы ў тры скараціць яго (у першую чаргу пазбавіцца ад "вершаў"), то атрымалася б ладная "повестушка" для звычайных дамашніх гаспадынь. Зрэшты, гэта мая асабістая думка. Ды я і не ставіла перад сабой задачу прааналізаваць дылогію, я назірала пераважна мову твора.
Вось пішу і нібыта ўяве чую нечае зласліва – насмешлівае: "Гэта ўсё ад зайздрасці: раманы Батраковай папулярныя, не тое што...".
Адказваю: быць папулярным зусім не азначае быць вартым. Ведаеце, якія кнігі самыя папулярныя сярод наведвальнікаў нашай пасялковай бібліятэкі? Так званыя "любоўныя раманы", дзе на вокладках яркія выявы напаўголых залатавалосых прыгажунь у абдымках смуглявых мускулістых самцоў. Такі вось узровень нашай чытацкай культуры. Что ж да зайздрасці, то, прызаюся, здараецца іншым разам такі грэх. Толькі зайздрошчу я не аўтарам, чые сумніўнай мастацкай вартасці творы распіяраны да ўзроўню амаль што эпахальнай з'явы (тут у мяне зусім іншыя пачуцці: няёмкасць за іх "творы" і абурэнне), а цікавым, арыгінальным пісьменнікам, такім, напрыклад, як Алена Брава з яе "Каменданцкім часа для ластавак", "Менадай і сатырамі" – годнымі ўзорамі ПРЫГОЖАГА пісьменства. Думаецца, талент Алены Брава ўжо заўважаны і чытачамі, і літаратуразнаўцамі. Неўзабаве ў "Мастацкай літаратуры" павінна выйсці яе новая, другая па ліку кніжка. Гэй, "піяршчыкі"! Дзе вы? На якой цяпер "территории"? Хаця не! Піяршчыкі для радавога правінцыйнага пісьменніка – дарагавата... Але ж у нас ёсць, на шчасце, пакуль бясплатныя бібліятэкі, для якіх прапаганда прыгожага пісьменства – святы абавязак, як, дарэчы, і праца над выхаваннем мастацкай культуры. Толькі вось жа якая бяда: не ўсе бібліятэчныя работнікі ў стане адрозніць не толькі "чытво" ад літаратуры, а нават прымітыўную непісьменную пісаніну ад пісьменства прыгожага. Да таго ж, вельмі дзіўнае стаўленне ў некаторых з нашых бібліятэкараў да беларускай літаратуры. У мяне асабіста яны некалькі разоў пыталіся, НАВОШТА я пішу на беларускай мове і чаму не хачу пісаць на рускай. Так што не здзіўляйцеся, калі на паўдарозе да стэлажа вас спыніць перасцерагальны вокліч бібліятэкара: "Вы куды? Там усё толькі беларускае. Вось вазьміце лепей новы раман Батраковай...".
Р. S.: Закончыла пісаць артыкул і раптам даведалася, што Батракова выдала і паэтычны зборнік. Хачу павіншаваць нашу літаратуру з такім важкім набыткам!
Валянціна Кадзетава
----------
Біяграфічная даведка
Кадзетава Валянціна Мікалаеўна нарадзілася ў 1951 годзе ў вёсцы Мікалаеўка Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыла філалагічны факультэт Мінскага педінстытута імя Горкага (цяпер універсітэт імя Танка), член Саюза пісьменнікаў з 1999 года. Друкавалася ў "Маладосці", "Полымі", "Беларусі", "Нёмане", "ЛіМе", "Вожыку", у чатырох кнігах серыі "Надзея, вера, любоў" (выдавецтва "Мастацкая літаратура"). Аўтар трох беларускамоўных кніг прозы: "Ад кахання не паміраюць" (Бібліятэка часопіса "Маладосць"), "Ля трох пуцявін" (выдавецтва "Мастацкая літаратура"), "Шкляная зорка" (выдавецтва "Мастацкая літаратура"), сааўтар калектыўнага рускамоўнага зборніка сучаснай жаночай прозы "Песочное время" (біліятэка часопіса "Нёман"). Лаўрэат прэміі часопіса "Маладосць" 1996 г., газеты "Звязда" 2004 г., Дыплом 2-й ступені "Лепшая кніга прозы 2008 года". Шматразовы лаўрэат абласных конкурсаў (імя І. Мележа, І. Шамякіна і інш.). Па апавяданнях "Ліст" і "Праверка" зняты караткаметражныя фільмы.
Працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Лукскай САШ Жлобінскага раёна.
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Примечание. Отправлять комментарии могут только участники этого блога.