вторник, 2 февраля 2021 г.

Зварот Святланы Воцінавай

Впервые опубликовано 17 августа 2020г.

Не маючы па ідэйных меркаваннях ніводнага акаунта ў сацыяльных сетках, я звяртаюся да сяброў з просьбай размясніць гэты пост.

Я, Святлана Воцінава, свабодны журналіст і галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» (такім чынам: не беспрацоўная і ні пры якім раскладзе ёю не буду), без крымінальнага мінулага, без вопыту курэння і ўжывання наркотыкаў і моцных напояў (увогуле вегетарыянка), не кіруемая ніводным «куклаводам», не фінансаваная нікім і нічым акрамя ўласнай штодзённай працы, шматдзетная маці і хрысціянка, паведамляю, шго па ўласным жаданні і з вялікім гонарам за наш народ адстаяла разам з яго прадстаўнікамі ў чарзе на выбарчы ўчастак №36 у Фрунзенскім раёне Мінска дзве з паловай гадзіны 9 жніўня 2020 года з 15.15 да 17.45 і пакінула свой упэўнены голас за Ціханоўскую Святлану Георгіеўну не як палітыка, але як сімвал новай Беларусі, у якую свята веру.

Я заяўляю свой пратэст супраць дзеючай (пакуль яшчэ, насуперак логіцы і здароваму сэнсу) улады і патрабую яе поўнай адстаўкі.

Пад уладай у гэтым звароце я маю на ўвазе Прэзідэнта, Урад, Парламент і Суд – усе тыя яе галіны, прадстаўнікі якіх сябе дыскрэдытавалі і апазорылі: адны – антынароднымі дзеяннямі, іншыя – бяздзейнай маўклівай згодай.

Мяне абураюць адсутнасць адказнасці і сумленнасці, непрафесійнае стаўленне да выканання абавязкаў, няздольнасць прымаць кампетэнтныя рашэнні, непавага да народа, ужыванне зневажальнай лексікі, выкарыстанне беларускай мовы з мэтай абразы. Я шакіравана шматлікімі падманамі, бесцырымоннымі парушэннямі заканадаўства і правоў чалавека, жудаснымі праявамі нечалавечнасці.

Дарагія мае суайчьшнікі! Сумленныя, шчырыя, светлыя, добрыя, чэсныя, годныя, прыгожыя людзі! Я захапляюся вамі! Я люблю вас! Я веру ў вас! Я з вамі! Нас многа! Мы пераможам!

Святлана Воцінава

(крыніца)

Комментариев нет:

Отправить комментарий